Сусветныя цікавосткі: Чаму Сталін не стварыў Галіцкую рэспубліку і вялікае каханне амерыканскіх лётчыкаў
Чаму Сталін не стварыў Галіцкую рэспубліку. Вялікае каханне з СССР амерыканскіх лётчыкаў. І як вынесці Ціта з маўзалея. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Чаму Сталін не стварыў Галіцкую рэспубліку?
У рамках дыскусіі вакол даты 17 верасня ва Украіне задаліся пытаннем: чаму Сталін пасля захопу Заходняй Украіны не стварыў асобны дзяржаўны суб'ект – Галіцкую рэспубліку? Сталін, маўляў, патэнцыйна мог стварыць на базе заходне-ўкраінскіх земляў Галіцкую Рэспубліку, а на базе Заходняй Беларусі — якую-небудзь Рэспубліку Яцвягаў. То-бок, пабудаваць ланцуг дзяржаў-лімітрофаў паміж СССР і Германіяй. І калі б Гітлер пайшоў на Усход, то іх наяўнасць магла прытармазіць рух нямецкага войска.
Але Заходнія Украіна і Беларусь увайшлі ў склад Саюза. І СССР, атрымаўшы шырокую агульную мяжу з Германіяй, стаў больш уразлівым. Але Сталін, відаць, глядзеў далей. Ён разумеў, што, далучаючы Галічыну, ён закладвае міну запаволенага дзеяння пад любую спробу вывесці Украіну са складу СССР. Гэта быў ягоны «падарунак» на выпадак, калі Украіна вырашыць стаць незалежнай. У выпадку аддзялення Украіны аўтаматычна ўключаўся фактар рэгіянальных супярэчнасцяў, рэгіянальнага эгаізму і надмерных амбіцый асобных тэрыторый. «Галіцкі фактар», жаданне ператварыць Украіну ў «вялікую Галічыну», навязаць сваю сістэму «правільнай украінскасці» абавязкова адыгралі б дэструктыўную ролю для ўкраінскага праекта. Цяжка сказаць наколькі прыхільнікі такой версіі маюць рацыю. Савецкая прапаганда ў 20-30-я гады пісала пра праблему Заходняй Украіны, а не Галічыны. Выдумаць такую нацыю як «галічане» было не проста. Ясна адно - гісторыкі яшчэ неаднаразова будуць спрачацца аб значэнні 17 верасня для гісторыі Украіны і Беларусі.
Вялікае каханне амерыканскіх лётчыкаў
Культуролагі знайшлі дзіўны факт. У разгар халоднай вайны паміж ЗША і СССР амерыканскіх ваенных лётчыкаў, у тым ліку тых, хто ваяваў у В'етнаме, ахапіла незвычайнае захапленне. Многія з вайскоўцаў вешалі ў сваіх кабінах партрэт савецкай актрысы Ноны Цярэнцьевай, якую празвалі «Каралевай паветра».
Гэтая дзіўная гісторыя пачалася ў 1967-м, калі маскоўскі фатограф Васіль Малышаў угаварыў Нону Цярэнцьеву пазіраваць для фотапартрэта. У тым жа годзе на выставе ЮНЕСКА работа Малышава атрымала першае месца. «Гледачы захапляліся вытанчанай прыгажосцю і стрыманай грацыяй, якую літаральна выпраменьвала постаць выдатнай жанчыны з задуменнымі і крыху сумнымі вачыма», — піша адзін з культуролагаў. І тут адбыўся незвычайны піруэт. Па нейкіх прычынах рэдакцыя штодзённай газеты Міністэрства абароны ЗША «Stars and Stripes» вырашыла перадрукаваць тую фатаграфію. Публікацыя выявы Цярэнцьевай і выклікала фурор сярод лётчыкаў. Амерыканскія асы, якія выразалі запаветны партрэт з газеты, каб прымацаваць на сцяну кабіны, завалілі незнаёмку захопленымі лістамі з прызнаннямі ў каханні. Зрэшты, сама гераіня сюжэту на той момант перажывала чарговы раман і засталася абыякавай да прызнанняў амерыканцаў. Магчыма, гэта аказалася фатальнай для Цярэнцьевай. Рафінаваная знешнасць, якая аказвала сапраўды магнетычнае дзеянне, зрабіла яе закладніцай аднаго амплуа, што ў выніку не дазволіла зрабіць акцёрскую кар'еру.
Вынесці Ціта з маўзалея
Мэр Бялграда нацыяналіст Аляксандр Шапіч настойвае на эксгумацыі Ёсіпа Ціта – заснавальніка сацыялістычнай Югаславіі і руху непрыяднання. «Я думаю, што перанос магілы Ёсіпа Броза з Музея Югаславіі з'яўляецца надзвычай важным пытаннем для сербскага народа і будучыні гэтай краіны», – сказаў Шапіч на пасяджэнні гарадскога сходу. Нагадаем, што Ціта быў пышна пахаваны ў Бялградзе ў 1980 годзе ў спецыяльным маўзалеі. Сам маўзалей Ціта ў сваю чаргу з'яўляецца часткай найшырэйшага комплексу Музея гісторыі Югаславіі. Між тым, фігура Ціта вельмі супярэчлівая ў вачах сербскіх нацыяналістаў. Па-першае, ён быў этнічным харватам. Па-другое, заўзята змагаўся з сербскімі нацыяналістамі, уключаючы Драгалюба Міхайлавіча – лідара чэтнікаў, які супрацоўнічаў з нацыстамі, за што Ціта прысудзіў яго да смяротнага пакарання пасля Другой сусветнай вайны. Па словах Шапіча, замест маўзалея Ціта Бялграду трэба мець помнік Міхайлавічу. Зрэшты, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч астудзіў запал гэтай ідэі. «Гэтага не адбудзецца», — сказаў Вучыч. «Я ніколі не быў вялікім прыхільнікам камуністаў і камуністычнага рэжыму, але Ёсіп Броз — частка нашай гісторыі, ён жыў тут і быў пахаваны тут, і ён застанецца часткай сербскай і югаслаўскай гісторыі». Трэба сказаць, што тэма Ціта вельмі небяспечная для Вучыча, паколькі ён абапіраецца таксама на выбаршчыкаў нацыяналістаў. Тым часам Шапіч не супакойваецца. Мэр Бялграда мае намер таемна перавезці парэшткі Ціта праз мяжу і бесцырымонна выкінуць іх у Харватыі.
Логава нямецкіх радыкалаў
Разбіраючы вынікі апошніх зямельных выбараў на ўсходзе Германіі, на якіх тон задавалі правыя і левыя радыкалы, гісторыкі выявілі цікавы факт. Аказваецца, адна з усходніх нямецкіх земляў, а менавіта Цюрынгія, ужо 150 гадоў знаходзіцца ў авангардзе нямецкага радыкалізму. Канцэнтрацыя тут працоўнага класа ў ХІХ стагоддзі прывяла да таго, што менавіта Цюрынгія (тады яна называлася Свабоднай дзяржавай) стала калыскай нямецкай сацыял-дэмакратыі. На той момант сацыял-дэмакраты лічыліся самымі страшнымі бунтаўшчыкамі. Якраз у 1891 годзе ў Эрфурце была прынята марксісцкая праграма эсдэкаў. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года Цюрынгія стала полем бітвы паміж правымі і левымі радыкаламі. У кастрычніку 1923 года ў разгар гіперінфляцыі Цюрынгія і Саксонія сталі адзінымі землямі, дзе камуністы ўвайшлі ў склад рэгіянальных урадаў. Затое ў студзені 1930-га Цюрынгія стала першай Свабоднай дзяржавай, дзе ўжо нацыянал-сацыялісты атрымалі ўрадавыя вакансіі ў складзе рэгіянальнага ўрада. Дарэчы, тады яны ў тым ліку паспрабавалі прызначыць Адольфа Гітлера на якую-небудзь урадавую пасаду, каб фюрар НСДАП, нарэшце, атрымаў нямецкае грамадзянства. Аднак гэта не ўдалося. А ў жніўні 1932 пасля перамогі на рэгіянальных выбарах нацысты вярнуліся ва ўладу і занялі ўжо ўсе міністэрскія пасады. Гісторыя працягнулася пасля аб’яднання Германіі. У 2014 годзе Цюрынгія стала першай зямлёй ФРГ, дзе «Левыя» — спадчыннікі ўсходнегерманскіх камуністаў узначалілі рэгіянальны ўрад. Нарэшце, на рэгіянальных выбарах у верасні 2024 года Цюрынгія стала першай зямлёй, дзе ўжо правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» атрымала адносную большасць — 32,8% галасоў. Вось такі дзіўны край — Цюрынгія.